14 снежня 2023 г. — 10 гадоў з дня адкрыцця гісторыка-мемарыяльнага музея «Сядзіба Нямцэвічаў» у в. Скокі (Брэсцкі р-н; 2013)
Сядзібна-паркавы ансамбль ХVІІІ ст. у в. Скокі Брэсцкага раёна – помнік архітэктуры барока і садова-паркавага мастацтва, адзін з нямногіх на Беларусі, што цудам захаваўся да нашага часу. Планіроўка ансамбля рэгулярная сіметрычна-восевая, у цэнтры знаходзіцца двухпавярховы панскі дом. Аднапавярховыя бакавыя флігелі і капліца-пахавальня не зберагліся. За домам – парк рэгулярнага тыпу з цэнтральнай і дзвюма бакавымі паралельнымі алеямі, якія выходзяць да ракі Лясная.
10 кастрычніка 2023 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Галіны Фёдараўны Скакун (1943–2022), жывёлавода, Героя Сацыялістычнай Працы (1988)
Галіна Фёдараўна Скакун (у дзявоцтве Асіюк) нарадзілася 10 кастрычніка 1943 г. у в. Барысы Дамачаўскага (цяпер Брэсцкага) раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька быў арыштаваны немцамі, неўзабаве памёр ад туберкулёзу. Маці, Галіна Іванаўна Асіюк, у 1950-я гг. – перадавая даярка, Герой Сацыялістычнай Працы (1958). Галіна з ранніх гадоў прызвычайвалася да цяжкой сялянскай працы, дапамагала маці..
1 снежня 2023 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Ніны Аляксееўны Гурскай (1933–2022), бібліятэкара, бібліёграфа, краязнаўца
Ніна Аляксееўна Гурская нарадзілася 1 снежня 1933 г. у в. Блювінічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У дзяцінстве трапіла пад нямецка-фашыскую акупацыю (1941–1944). Марыла вывучыцца на агранома, але паступіць у сельгасакадэмію не склалася. Закончыла аднагадовыя бібліятэчныя курсы пры Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага (1952), атэставана як бібліятэкар трэцяга разраду.
У 1953–1967 гг. — бібліятэкар Тамашоўскай сельскай бібліятэкі Брэсцкага раёна, бібліятэкар клуба вайсковай часткі 2187. З 1967 г. — у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Спачатку — бібліятэкар чытальнай залы, бібліёграф даведачна-бібліяграфічнага аддзела, у 1971–1974 гг. — галоўны бібліятэкар даведачна-бібліяграфічнага аддзела. У 1964–1969 гг. завочна навучалася ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства і бібліяграфія».
7 студзеня 2023 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Юрыя Аляксандравіча Іванова (1943–2021), кандыдата педагагічных навук, Ганаровага грамадзяніна Брэсцкага раёна (2014)
Юрый Аляксандравіч Іваноў нарадзіўся 7 студзеня 1943 г. у в. Дубкі Іздзешкаўскага (цяпер Сафонаўскага) раёна Смаленскай вобласці. Маці памерла ў час родаў, а бацька загінуў на фронце. Выхоўвала Юрыя цёця — маміна сястра. Пасля вайны ў Брэсце служыў пагранічнікам яго дзядзя, які забраў сястру з Юрыем з вёскі, дзе яны бедавалі, туліліся ў зямлянцы. Для Юрыя Брэст стаў родным горадам.
З адзнакай закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «геаграфія і біялогія» (1969). Працаваў старшынёй студэнцкага прафкама істытута (1969–1973). У 1973–1983 гг. — дырэктар школ у Кобрынскім і Брэсцкім раёнах. Дырэктар Знаменскай, Гершонскай і Тамашоўскай сярэдніх школ, у апошняй стаў адным са стваральнікаў музея касманаўтыкі.
17 сакавіка 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Абрамавіча Завідава (1923–1945), пагранічніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны
Аляксандр Абрамавіч Завідаў нарадзіўся 17 сакавіка 1923 г. у в. Забалацце Таржокскага раёна Цвярской вобласці. Закончыў пачатковую школу ў в. Кажэўнікава, перайшоў у пяты клас Высокаўскай сярэдняй школы. Неўзабаве сям’я пераехала ў г. Петразаводск, дзе Аляксандр закончыў СШ № 5. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў на заводзе.
2022 г. — 200 гадоў з часу пабудовы царквы Параскевы Пятніцы ў в. Сычы (Брэсцкі р-н; 1822), помніка архітэктуры з рысамі класіцызму
У в. Сычы Брэсцкага раёна яшчэ ў ХVІ ст. існавала царква Святога Духа, звесткі аб якой знаходзяцца ў «Инвентаре королевских деревень Нехолстов и Сычей, лежащих в Брестском воеводстве» за 1566 г. Па дадзеных Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці царква была пабудавана ў 1526 г. У ХVІІ альбо ў ХVІІІ стст. была пабудавана уніяцкая царква. На яе месцы ў 1822 г. памешчыкам Іосіфам Высоцкім была ўзведзена мураваная царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы.
21 сакавіка 2022 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Пятра Паўлавіча Строкача (1937–2017), вучонага ў вобласці інжынернай экалогіі, прафесара
Пётр Паўлавіч Строкач нарадзіўся 21 сакавіка 1937 г. у в. Матыкалы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у рабочай сям’і. Дзяцінства прыпала на нямецка-фашысцкую акупацыю, пасляваеннае аднаўленне мірнага жыцця. У галодны пасляваенны час Пётр пайшоў у школу, вельмі хацеў вучыцца, меў выключную працавітасць. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Біялогія. Хімія» (1960).
2022 г. — 280 гадоў з часу пабудовы Свята-Пакроўскай царквы ў в. Малыя Шчытнікі (Брэсцкі р-н; 1742), помніка архітэктуры з рысамі барока
У вёсцы Малыя Шчытнікі Берасцейскага павета (цяпер Брэсцкага раёна) паводле архіваў у 1602 г. была праваслаўная драўляная царква. У 1742 г. быў пабудаваны касцёл з цэглы. Па гістарычных звестках касцёл пабудаваў князь Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі (1696–1775), які ў 1738 г. набыў маёнтак Воўчын (цяпер у Камянецкім раёне) разам з фальваркам Шчытнікі.
19 лютага 2022 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Фёдара Аляксеевіча Мозаля (1952), заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь
Фёдар Аляксеевіч Мозаль нарадзіўся 19 лютага 1952 г. у в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У сялянскай сям’і добра спявалі, бацькі ведалі і любілі народную песню. Фёдар паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча, якое скончыў з адзнакай (1978).
2022 г. – 185 гадоў з часу знаходкі манетнага скарбу ў г. Брэсце (1837), буйнейшага са скарбаў з пражскімі грошамі на тэрыторыі Беларусі
Манетныя скарбы з’яўляюцца важнымі гістарычнымі крыніцамі вывучэння грашова-весавых сістэм, заканамернасцей, інтэнсіўнасці і эвалюцыі грашовага звароту, міжнародных эканамічных і палітычных сувязей. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці на працягу апошніх двух стагоддзяў пры гаспадарчай дзейнасці шмат разоў знаходзілі манетныя і манетна-рэчавыя скарбы, асобныя манеты. Першы навукова зарэгістраваны манетны скарб быў знойдзены ў Пінску ў 1804 г. Сістэматычная рэгістрацыя беларускіх кладаў праводзілася ў 1859–1919 гг. Археалагічнай камісіяй ў Пецярбургу.